ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,
сукупнасць школ і кірункаў, якія даследуюць моўную сістэму з пункту гледжання яе функцыянавання. Гал. прынцып Ф.л. — мова як сродак дасягнення мэты — прапанаваны пражскай лінгвістычнай школай (1929; В.Матэзіус, М.С.Трубяцкой, Р.В.Якабсон). Асн. задача Ф.л.: вылучыць функцыі мовы і апісаць моўныя сродкі іх выражэння. Вял. ўвага аддаецца вывучэнню стыляў мовы, месца мовы ў жыцці грамадства (сацыялінгвістыка), адносін мовы да л-ры, мастацтва, культуры. У даследаванні мовы выкарыстоўвае метад функцыянальнага аналізу. Найб. дасягненні Ф.л. ў фаналогіі, тэорыі актуальнага члянення выказвання, тэорыі паэт. мовы. У галіне Ф.л. працуюць А.У.Бандарка, С.Дык, Т.Гівон, Г.А.Золатава, А.Мартынэ, А.Я.Міхневіч, М.Хэлідэй, Х.Яхнаў.
Літ.:
Functionalism in Linguistics. Amsterdam, 1987;
Киклевич А.К. Лекции по функциональной лингвистике. Мн., 1999;
Бондарко А.В. Основы функциональной грамматики. СПб., 2001.
М.В.Супрунчук.
т. 16, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)